НАПРУ́ЖАННЯ РЭГУЛЯ́ТАР,
электрычны апарат для рэгулявання напружання электрычнага па зададзеным законе. Бывае з ручным ці аўтам. кіраваннем; прамога і непрамога дзеяння; пазіцыйны (рэлейны), прапарцыянальны (статычны), інтэгральны (астатычны) і камбінаваны.
Найпрасцейшы Н.р. з ручным кіраваннем — паўзунковы рэастат. Аўтам. Н.р. будуюцца з выкарыстаннем эл.-магн. элементаў (напр., магн. узмацняльнікаў), электронных прылад, эл.-машынных узмацняльнікаў. Асобны від такога Н.р. — стабілізатар напружання (або току), які падтрымлівае пастаяннае значэнне напружання (сілы току) пастаяннага ці пераменнага току. У Н.р. прамога дзеяння перамяшчэнне адчувальнага органа адбываецца за кошт крыніцы сілкавання, якая рэгулюецца. Н.р. непрамога дзеяння мае ўзмацняльнік, у залежнасці ад віду якога наз.: электрамашынным, электрамагнітным, электронным, паўправадніковым і інш.
т. 11, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)